Печем самый вкусный пирог к Яблочному Спасу по рецепту от хозяйки из яблочной столицы Беларуси


Яблычнай сталіцай нашай краіны прызнана Шаркаўшчына, дзе ў гэту суботу адзначаюць раённае свята "Яблычны Спас". Як паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Іна Шынкевіч, на радзіме заслужанага агранома БССР Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі свята пачнецца асвячэннем новага ўраджаю. Усе ахвочыя змогуць пачаставацца пладамі новага ўраджаю са знакамітага саду. Акрамя Алашак, урачыстасць працягнецца ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына. Сярод асаблівасцяў гэтага года – пленэр напярэдадні свята ўаграгарадку Германавічы ў гонар мастака і паэта Пятра Касцюкевіча. Для ўдзелу ў ім запрасілі таленавітых мастакоў з розных куткоў Беларусі і нават Масквы. Прымеркавалі гэтае мерапрыемства да Года гістарычнай памяці, бо Пётр Пятровіч не толькі творца, але і ветэран Вялікай Айчыннай вайны, беларускі партызан-выведнік.


Традыцыйна свята ў Алашках вянчае пачастунак – яблычны пірог. Рэцэптам з намі падзялілася кіраўнік калектыва "Староверские стряпухи" Більдзюжскага СДК Людміла Ананіч, бібліятэкар у Більдзюжскай сельскай бібліятэцы.

Кулінарнае майстэрства яна пераймала ад матулі, бабулі і нават прабабулі – усе былі звязаны з кухняй, нават захоўвалі "панскія" рэцэпты.

– У асноўным сама люблю ананасныя яблыкі, – падзялілася гаспадыня. – У мяне сад вялікі: ёсць і памяць Сікоры, і ранет, і белы наліў.

Для шаркаўчынскага яблычнага пірага абавязкова патрэбны кіслыя гатункі. А яшчэ рэцэпт уключае шэсць яек, літр малака, 200 грамаў сметанковага масла і тры сталовыя лыжкі расліннага алею, шклянку цукру, каля 700 грамаў мукі і 50 грамаў дрожджаў (або 20 сухіх).


– Кіпяцім малако, астуджаем і дадаем дзве сталовыя лыжкі цукру, дробку солі і дрожджы, – тлумачыць Людміла Анатолеўна. – Затым дзве шклянкі мукі. Пакідаем на 40 хвілін. Жаўткі ўзбіваем асобна са шклянкай цукру. У іншым сподачку паўлітра малака змешваем з растопленым маслам. Потым паволі бруёй уліваем у рошчыну, дадаем солі і мукі. За дзве гадзіны цеста падыходзіць. Асабісты сакрэт гаспадыні – трохі манкі, дзве сталовыя лыжкі, каб цеста ўвабрала юшку з яблык і не было зашмат соку.

У пячы гэты пірог выпякаюць гадзіну, у духоўцы – каля 40 хвілін. А таксама ў Алашках і Більдзюгах ласуюцца яблыкамі, фаршаванымі тварагом з разынкамі і ванілінам. Для гэтага найлепшы гатунак – ананас. А ў гасцей фестываля попытам карыстаюцца незвычайныя яблыкі з саленым тварагом і яйкам.

– У гэтым годзе на позніх гатунках вельмі багата пладоў, зімовых і лежкіх, – адзначае гаспадыня. –Таму час назапашваць іх на зіму.


Фото из архива Шарковщинского райисполкома


next page