Клёцкі з душамі не толькі


Гісторык Алесь Белы тэмай беларускай кухні займаецца з 1999 года. Пра нашу кулінарную спадчыну ён напісаў ужо не адну кнігу. Многім вядомы яго выданні “Сакатала бочачка”, “Літвінская кухня. Байкі Кухмістра Верашчакі”, “Наша страва”. Кнігу “Беларуская кухня. Гастранамічны даведнік” сам аўтар называе своеасаблівым вынікам 20-гадовых намаганняў. Мэта праекта — адкрыць магію беларускай кухні, адправіцца ў вялікае кулінарнае падарожжа ў часе ад мінулага да сучаснасці і паказаць, што наша гастраномія багатая, шматгранная і не абмяжоўваецца толькі дранікамі і мачанкай.


У кнізе 230 старонак і больш дзясятка раздзелаў: “Закускі”, “Супы”, “Гарачыя стравы”, “Рыба”, “Мучныя вырабы”, “Дэсерты”, “Напоі”, “Спалучэнні”, “Рэстараны”, “Магазіны”, “Турыстычныя комплексы”, “Аграсядзібы”, “Брэнды”. Аўтар пастараўся не толькі даць рэцэпты для самастойнага прыгатавання страў беларускай кухні, але і падказаць каардынаты, дзе і ў ХХІ стагоддзі можна знайсці аўтэнтыку. Сёння ў краіне ёсць месцы, дзе напаўзабытыя рэаліі нацыянальнай кухні вярнулі да жыцця нашы сучаснікі — рэстаратары, вытворцы прадуктаў, уладальнікі аграсядзіб. І яны, безумоўна, выклікаюць цікавасць і ў саміх беларусаў, і ў замежных турыстаў.

Нацыянальныя скарбы — дранікі, боршч, верашчака, зразы, клёцкі з душамі... А яшчэ — мотальскія каўбасы і палескія журавіны, бабруйскі зефір і “крафтавы” хлеб ад бабы Сцепаніды, высакародная старка і вострая зуброўка — у кнізе сабраны самыя смачныя і знакавыя арыенціры беларускай кухні. І акрамя таго — цікавыя факты. Да прыкладу, што ў шляхецкай культуры XVII—XIX стагоддзяў пернікі былі выдатнай закускай для водкі і разнастайных настоек і лічыліся добрым лякарствам. Ці, што задоўга да вядомых “бульбашоў” у беларусаў была іншая мянушка — “бацвіняжы”. Так называлі нашых продкаў палякі. Яны смяяліся, што бацвінне здольны есці толькі свінні і літвіны. Самае цікавае, што, нягледзячы на ўсе насмешкі, літоўска-беларускае бацвінне ў выніку ўвайшло ў канон польскай кухні.

mila@sb.by



next page